Яраполк Юр’евіч
Яраполк Юр’евіч | |
---|---|
Нараджэнне | не раней за 1144 |
Смерць | не раней за 1190 |
Род | Ізяславічы Тураўскія |
Бацька | Юрый Яраславіч |
Маці | Ганна Усеваладкаўна[d] |
Яраполк Ю́р’евіч (пасля 1144 — пасля 1190) — магчыма князь пінскі (зг. 1190).
Сын тураўскага князя Юрыя Яраславіча і гарадзенскай княжны Ганны Усеваладкаўны.
Пад 1190 годам паведамляецца пра шлюб Яраполка, які адбываўся ў Пінску. З гэтага некаторыя даследчыкі робяць выснову, што раней згаданы ў сувязі з Пінскам князь Яраслаў Юр’евіч — брат Яраполка, да 1190 года мог ужо памерці і ён такім чынам заняў пінскі сталец. Аднак не выключаны іншыя варыянты. Зімой 1190 года Пінск наведаў оўруцкі князь Рурык Расціславіч, паводле летапісу ён гасцяваў у «шурынаў» (братоў жонкі). Як шурыны ўжыты ў множным ліку, на думку Алега Рапава, князь Яраслаў быў яшчэ жывы, а Яраполк мог трымаць Пінск разам з ім[1] або быць уладальнікам адной з пінскіх валасцей. Папярэдне Рурык збіраўся праз Пінск у паход супраць літоўцаў, але затрымаўся ў гасцях і потым веснавое надвор’е перашкодзіла яго намерам.
Падчас археалагічных даследаванняў у Пінску знойдзены аскепак амфары з надпісам «Яраполча віно». У папулярнай літаратуры віно суадносяць са згаданым у летапісе вяселлем, аднак, амфары з віном і алеем былі звычайным імпартам, не прынагодным і не толькі княжацкім або арыстакратычным, іх аскепкі сустракаюцца на многіх археалагічных помніках таго часу.
Зноскі
- ↑ Рапов 1977, с. 92.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Леонтій Войтович. Князівські династії Східної Європи (кінець IX — початок XVI ст.): склад, суспільна і політична роль. Історико-генеалогічне дослідження. — Львів: Інститут українознавства ім. І. Крип’якевича, 2000. — 649 с. — ISBN 966-02-1683-1
- Рапов О. М. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. — М.: Изд-во МГУ, 1977. — 268 с.